
26 красавіка 2025 года ў Нацыянальным мемарыяльным комплексе «Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі ў выратаванні Айчыны нашай» прайшла VII Мінская харавая Асамблея «Спяваюць дзеці — спявае горад!", прысвечаная святкаванню 80-годдзя Вялікай Перамогі. У Белай зале храма-помніка выступілі 450 навучэнцаў 24 харавых і вакальных калектываў устаноў адукацыі Мінска, Наваполацка і Екацярынбурга. Юныя харысты выканалі творы пра Беларусь, мір, дабро, баявыя подзвігі беларускага народа, дзяцінства. А на прыступках храма школьнікі, бацькі, педагогі і гледачы праспявалі «Дзень Перамогі». Так розныя пакаленні аб'ядналіся ў шанаванні подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Дырэктар 15-й гімназіі Элада Уласенка распавяла, што праект створаны для фарміравання грамадзянскіх, патрыятычных і духоўна-маральных якасцяў падрастаючага пакалення. Ён аб'ядноўвае творчыя калектывы ўстаноў адукацыі сталіцы і Рэспублікі, папулярызуе музычныя творы грамадзянскай, патрыятычнай і духоўна-маральнай накіраванасці. - Наша Асамблея сёлета прысвечана 80-годдзю Перамогі. Мы шануем гістарычную памяць. Ведаем, што нашы продкі ваявалі ў Вялікай Айчыннай, каб мы сёння жылі ў мірнай, шчаслівай краіне. Развіццё харавой культуры-гэта гарантыя развіцця краіны ў цэлым, яе незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці, высокага міжнароднага аўтарытэту. Толькі высокі ўзровень культуры грамадства можа забяспечыць значныя вынікі ў развіцці навукі, прамысловасці, адукацыі, ахове здароўя, у падтрыманні і развіцці патрыятызму, — сказала Э.Уласенка. У рамках харавой Асамблеі таксама адбылася дыялогавая пляцоўка з удзелам прадстаўнікоў Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, рэктарата і супрацоўнікаў Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі, кіраўнікоў упраўленняў па адукацыі сталіцы, членаў гарадскога савета па духоўна-маральнаму выхаванню, педагагічных работнікаў. Дыялог прысвяцілі пытанням духоўнасці, маральнасці і гістарычнай памяці. Выступілі доктар гістарычных навук, прафесар, першы прарэктар Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі Сяргей Стрэнкоўскі, настаяцель прыхода ў гонар Усіх Святых, старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай Праваслаўнай Царквы па супрацоўніцтве са свецкімі ўстановамі адукацыі протаіерэй Фёдар Поўны.