17 верасня ў Дзень народнага адзінства ў Полацку ля будынка дзіцячай паліклінікі, дзе ў гады Вялікай Айчыннай вайны размяшчаўся Полацкі дзіцячы дом №1, быў урачыста адкрыты памятны знак лётчыку Аляксандру Мамкіну і дырэктару Полацкага дзіцячага дома №1 Міхаілу Форынку, якія ў гады вайны, ратуючы дзяцей-сірот, выхаванцаў Полацкага дзіцячага дома, здзейснілі гераічны подзвіг.
Міхаіл Форынка падчас Вялікай Айчыннай вайны кіраваў Полацкім дзіцячым домам №1, дзе выхоўваліся таксама і яўрэйскія дзеці, якія ўцяклі з гета. Калі дзецям стала пагражаць небяспека знішчэння з боку нямецкіх акупантаў, дырэктар прыняў непасрэдны ўдзел у эвакуацыі дзяцей з акупаванай тэрыторыі за лінію фронту. Для выратавання выхаванцаў дзіцячага дома ён стварыў і ўзначаліў падпольную групу «Бястрашныя». Аперацыя па выратаванні дзяцей пад назвай «Зорачка» ажыццяўлялася дзякуючы самаадданым дзеянням падпольшчыкаў, разведчыкаў партызанскага атрада імя Н.А. Шчорса брыгады імя В. І. Чапаева. У гэтай аперацыі гераічна загінуў лётчык Аляксандр Мамкін.
Літаральна жыўцом згараючы ў палатняна-драўляным біплане Р-5, падбітым фашысцкім знішчальнікам, Аляксандр Мамкін, пілот 105-га гвардзейскага авіяпалка,11 красавіка 1944 года здолеў вывезці з Полацка-Лепельскай партызанскай зоны на «Вялікую зямлю» чарговую групу з 10 дзяцей, якая суправаджала і двух параненых байцоў. Гэта быў яго дзявяты і апошні рэйс, які завяршыў аперацыю «Зорачка» па выратаванні дзяцей, якім нямецкія акупанты рыхтавалі ролю донараў для сваіх параненых салдат. Цяжкапаранены пілот не пакінуў падпаленую машыну, пакуль не знайшоў прыдатную пляцоўку для пасадкі. Усе 13 пасажыраў самалёта засталіся жывыя, а сам Аляксандр Мамкін памёр ад атрыманых апёкаў праз шэсць дзён пасля перапраўкі ў шпіталь.
Ініцыятарамі ўшанавання памяці Аляксандра Малкіна і Міхаіла Фаменкі стала Полацкая раённая арганізацыя Беларускага саюза афіцэраў, а аўтарам барэльефа з'яўляецца вядомы беларускі скульптар Алесь Дранец.
Малюнак на барэльефе ў мастацкай форме паўтарае фатаграфію ваенных гадоў, дзе партызан перадае дзіця Аляксандру Мамкіну для пасадкі ў кабіну самалёта. З адваротнага боку размешчаны адліты ў метале тэкст, які распавядае пра выратаванне сірот.
Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Полацкага райвыканкама Ігар Марковіч, старшыня Полацкага раённага Савета дэпутатаў Іосіф Грыбовіч, часовы павераны ў справах дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Цві Міркін, начальнік Мінскага аэраклуба Цэнтральнага савета ДТСААФ, лётчык-выпрабавальнік 1 класа, палкоўнік Мікалай Мачанскі, навуковы супрацоўнік ДУ "Беларускі культурны цэнтр духоўнага Адраджэння" Алена Харашэвіч, старшыня Савета Полацкай раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз афіцэраў" гвардыі палкоўнік у адстаўцы Барыс, унук Міхаіла Фарынкі-Аляксандр Фарынка, скульптар, член аўтарскага калектыву Аляксандр Дранец, член аўтарскага калектыву Ігар Рудзеня, ветэраны Полацкай раённай арганізацыі Беларускага саюза афіцэраў, прадстаўнікі грамадскасці, кадэты Полацкага кадэцкага вучылішча, афіцэры Узброеных сіл і іншых сілавых структур, курсанты Беларускай акадэміі авіяцыі, госці з радзімы Аляксандра Мамкіна.