“Святыя крыніцы Белай Русі”

 

ЖЫЦЦЁ КРЫНІЧНАЙ ЧЫСЦІНІ

      Менавіта такім яно і павінна быць. Аб гэтым міжвольна думаеш, чытаючы кнігу Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч “Святыя крыніцы Белай Русі”, якая летась пабачыла свет у Выдавецкім доме “Звязда”. Яна ці не ўпершыню аб’яднала паэтычнае адчуванне тых роднасных мясцін Беларусі, дзе спрадвечна пульсуе чысцінёй з глыбін зямлі крынічная вада. Пры гэтым чамусьці ніяк не хочацца ўспрымаць слова “святыя” у адносінах да крыніц, як  устойлівы эпітэт. Яно для  іх – імя. Першаснае. Вось чаму вядомы ў нашай краіне духатворца протаіерэй Фёдар Поўны ў сваім уступным артыкуле вельмі слушна нагадвае, што ўяўленне аб жывой вадзе заўжды зыходзіла з крынічнай. Ён знаёміць чытачоў са спрадвечным стаўленнем да яе ў навуковым і біблейскім асяроддзі. Калісьці цяжка было растлумачыць, якім цудоўным чынам яна з’яўляецца з-пад зямлі і захоўвае сваю невычарпальную плынь. Чаму летам  прахалодная, а зімой рэдка калі замярзае? Чаму працяглы час у посудзе не мутнее і не губляе сваіх смакавых якасцей? А нярэдка нават лечыць ад хвароб: дапамагае вачам, страўніку, пазбаўляе ад галаўнога болю. Менавіта крыніцы даюць пачатак малым і вялікім рэкам. Усё гэта прываблівала людзей. Яны з даўніх часоў сяліліся паблізу крыніц і лічылі іх забруджванне або разбурэнне кашчунствам, за якое пагражаюць хваробы і беды. А тым, хто іх расчышчае, аберагае, заўжды спадарожнічае поспех.
     Спрадвеку верылі, што кожны, хто выкапае калодзеж, тым самым запальвае ў небе новую зорку. І наадварот: калі крыніца засыхае, або яе знішчаюць, адна зорка таксама спыняе сваё нябеснае існаванне. Пасля прыняцця хрысціянства царква ўзяла пад сваю апеку большасць крыніц, якім пакланяліся продкі, лічачы іх святымі. Побач узводзілі капліцы, абсталёўвалі купелі, устанаўлівалі крыжы. Тут праводзіліся  святочныя богаслужэнні, якія суправаджаліся хросным ходам. “Кожная крыніца збірала значную колькасць паломнікаў у “свае дні”, звязаныя з нейкай цудадзейнай з’явай”,-- нагадвае аўтар уступнага артыкула.
     Сапраўды, паступова стваралася царкоўная атмасфера са сваім “прыходам” з жыхароў навакольных мясцін, а часам нават з іншых рэгіёнаў і замежжа. Многія верылі і цяпер вераць, што ў традыцыйны, спрадвечна вызначаны час, гэтай вадзе ўласцівы асабліва відавочныя лекавыя якасці. Аддзячыць імкнуліся кветкамі, рушнікамі, стужкамі. Кідалі ў ваду манеты. Традыцыя захавалася і да нашых дзён. Хто з нас не бачыў, як прыходзяць і прыязджаюць да крыніц з вёдрамі, бідонамі не толькі набраць вады, але і ўмыцца, адведаць падараванага самой прыродай лекавага настою, атрымаць побач з ёю духоўнае супакаенне…
      Нельга не пагадзіцца з протаіерэем Фёдарам Поўным, што ў выніку меліярацыйных і будаўнічых работ, вырубак лесу шмат крыніц было знішчана. Але ў апошні час усё неабходнае робіцца, каб захаваць тое, што засталося. Крынічныя мясціны ператвараюцца ў своеасаблівыя прыродна-архітэктурныя ансамблі, у цэнтры духоўнай культуры. “Чалавек не можа жыць без такіх святынь. Крыніцы – гэта нацыянальная каштоўнасць,-- заключае аўтар уступнага артыкула, -- і мы абавязаны зберагчы іх для нашых нашчадкаў”. Ці трэба гаварыць, што выданне, якое так грунтоўна прадстаўляе чытачам вядомы вельмі многім жыхарам Беларусі стваральнік і настаяцель мінскага храма ў гонар Усіх Святых, вядучы штотыднёвых нядзельных пропаведзяў на тэлебачанні Фёдар Поўны, -- вартае таго, каб  разам з аўтарамі кнігі адправіцца ў падарожжа па крынічных мясцінах Белай Русі. 
     Прымаю гэтую прапанову і я, міжвольна думаючы аб тым, ці здолеюць пісьменнікі падтрымаць тую шчырую танальнасць, распачатую таленавітай прадмовай. Тым больш, што першая на нашым шляху па Мінскай  вобласці крыніца Ўсіхсвяцкая, што знаходзіцца на тэрыторыі паміж прыгаданым ужо храмам і царквой Святой жывапачатковай Троіцы ў Мінску. Побач з крыніцай – бронзавая выява ветхазаветнага прарока Маісея, які высякае сваім посахам ваду са скалы. Другой рукой ён указвае на скрыжалі Запавета, дадзенага Богам. Дзесяць запаведзяў, адрасаваных людзям. Напісаны яны на розных мовах – ад старажытна-грэчаскай да сучасных. Побач з выявай – купель, у якую пагружаюцца ў час свята Хрышчэння. Справа ад крынічнага комплекса – царква, асвячоная ў 2006 годзе ў гонар Святой Жывапачатковай Троіцы. Храм будаваўся тры гады. Ён драўляны, у рэтраспектыўна-рускім стылі. Шатровы верх увенчаны залачоным купалам. Парадны ўваход падкрэслены высокай звоніцай шатровага тыпу. Злева ад крынічнага комплексу – храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Бацькаўшчыны нашай паслужыўшых. Першы камень у яго фундамент заклаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Алексій ІІ. Менавіта яму цяпер тут устаноўлены першы ў Беларусі помнік. “Свяцейшы Патрыярх быццам замёр, сузіраючы прыгажосць храма-помніка, узведзенага па яго бласлаўленню”, -- чытаем у кнізе. Цікава даведацца, што ўпершыню храм расчыніў дзверы 2 ліпеня 2010 года, напярэдадні Дня Рэспублікі. У яго крыпце з царкоўнымі і вайсковымі пашанамі былі пахаваны астанкі невядомых салдат трох войнаў – Айчыннай 1812 года, Першай і Другой сусветных. Дарэчы, у крыпце 524 нішы для зямлі з месц змаганняў і трагедый, дзе пралілася кроў нашых суайчыннікаў. Кожны жадаючы можа тут запаліць свечку ад нязгаснай лампады, агонь у якой прывезены ад Труны Гасподняй, і памаліцца аб сваіх родных і блізкіх. Першы  прыдзел – у гонар Усекнавення главы Іаана Хрысціцеля, або Прадцечанскі, быў асвячоны 19 снежня 2010 года, а 14 кастрычніка 2015-га, у дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел асвяціў другі прыдзел у гонар іконы Боскай Маці “Наталі мае журботы”. Зараз ідуць аддзелачныя работы галоўнага прыдзела – у гонар Усіх Святых. Храм-помнік стаў самым вялікім у Беларусі царкоўным будынкам. Вышыня – 89 метраў. Яго адначасова могуць наведаць 1200 прыхажан. 
     Так, дасведчанасць Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч прыемна ўражвае літаральна на кожнай старонцы гэтай насычанай звесткамі і духоўнай сутнасцю кнігі. Цікавым аказваецца і знаёмства  ў Мінску з крыніцай, што знаходзіцца на тэрыторыі сацыяльна-рэабілітацыйнага комплекса, які звыкла называюць Домам Міласэрнасці. Яна мае вельмі адказную назву – “Беларусь праваслаўная”. Дах дазваляе карыстацца яе не толькі чыстай і смачнай, але і лекавай вадой у любую пару года. Многія ведаюць, што ў Доме Міласэрнасці знаходзіцца і царква ў гонар святога праведнага Іова Шматпакутнага. Няцяжка заўважыць, што сам будынак уяўляе сабой шасціканечны крыж прападобнай Еўфрасінні Полацкай. Узведзены будынак з поўным захаваннем даўніх праваслаўных традыцый. І гэта не толькі знешняя, але і духоўная вернасць ім. Ён  аб’ядноўвае тых, хто прыходзіць сюды па дапамогу або імкнецца рэалізаваць свой творчы патэнцыял, каб паслужыць Богу і людзям.
     Наогул геаграфічная арыентацыя зместу кнігі робіцца паступова яе падарожным сюжэтам. Аказваецца, святыя крыніцы прапісаны і ў самім Мінску, і ў яго ваколіцах. Адна з іх – Крупецкая – ці не самая знакамітая з іх. Знаходзіцца яна ў мікрараёне “Вяснянка”, у паркавай зоне на тэрыторыі былога маёнтка Крупцы. Лічыцца, што вада дапамагае пры лячэнні многіх хвароб, асабліва спрыяе пры лячэнні вачэй. Чытачоў чакае цікавае знаёмства з паданнем аб цудоўным з’яўленні ў 1612 годзе іконы Боскай Маці, што атрымала потым назву Крупецкай. Зараз тут побач з аднайменнай царквой Свята-Пакроўскі храм і званіца, што сталі сапраўдным упрыгожваннем горада. А вось ля вёскі Кукелеўшчына знаходзіцца рэспубліканскага значэння гідралагічны помнік прыроды “Святыя крыніцы”. Ён уяўляе сабой крынічны комплекс, плошча якога 3,1 гектара. Лёгка ўявіць усю яго прыгажосць, калі даведваешся, што пульсуе ён у лясным масіве, на беразе  невялікай рачулкі. Аўтары кнігі адразу ж даюць дакладныя арынціры: у 27 кіламетрах на поўнач ад Мінска, у12 кіламетрах на паўночны ўсход ад вёскі Рогава і ў 2 кіламетрах на поўдзень ад вёскі Кукелеўшчына Мінскага раёна. Яшчэ і зараз можна пачуць паданне аб тым, што на гэтым месцы калісьці была царква, якая аднойчы знікла пад зямлёй. З таго часу і з’явіліся крыніцы. Здзіўляе тое, што яны ўзнікаюць не ў падножжы, а на схіле ўзгорка, паблізу вяршыні. Менавіта тут праходзіць марскі водападзел: адна група крыніц і рачулак нясе свае воды ў Чорнае, а другая – у Балтыйскае мора. Між іншым, далёка не ўсе ведаюць, што менавіта тут другое па вышыні месца Беларусі (пасля Дзяржынскай гары ў аднайменным раёне). 
      Пішу гэта і міжвольна думаю, што хочацца пераказваць змест гэтай надзвычай насычанай падарожнымі звесткамі кнігі. І толькі таму, што кожная са святых крыніц валодае нейкай надзвычай цікавай адметнасцю, а таму не паддаецца абагуленаму аповеду. Ёсць своеасаблівасці і ў Рагоўскай крыніцы, ваду якой ухваліла быццам бы сама расійская імператрыца Кацярына Другая. Цікава знаёмяць нас Анатоль Шаркоў і Алена Харашэвіч з крыніцай у гонар святой блажэннай Ксеніі Пецярбургскай. Паводле паданняў, ваду яе піла нават Еўфрасіння Полацкая. Цяпер тут яблыневы сад, шматлікія кветнікі і кусты. Ёсць і купель. 
     Пра крыніцу Валожынскую, як і пра сам Валожын, вядомы з 14-га стагоддзя, можна расказваць шмат цікавага. Скажу толькі, што царква ў гонар роўнаапостальных Канстанціна і Алены пабудавана ў 1866 годзе, а касцёл святога Іосіфа – яшчэ раней, – у 1816-м. Помнікам архітэктуры з’яўляецца і Валожынскі палац. А як не назваць сусветна вядомы будынак іешывы?!
     Адной з самых старажытных можна лічыць і Вішнеўскую крыніцу. Паводле падання, пачаткам яе стаў 1414 год. Помнікам архітэктуры барока з элементамі рэнесансу з’яўляецца мясцовы касцёл. Славутасцю лічыцца і праваслаўны храм у гонар святых Космы і Даміяна. А колькі захапляльных уражанняў чакае знаёмства з крыніцай у гонар  Святога вялікапакутніка і лекара Панцелеймона ў вёсцы Лоск Валожынскага раёна! І зноў гэта аповед не толькі пра лекавыя якасці вады, а і пра легендарны замак-крэпасць, узведзены з рознакаляровых камянёў, і сучасны храм Георгія Пераможцы. Ды ці толькі пра гэта! Нагадваецца і знакамітая друкарня, у якой выдаваў свае кнігі Сымон Будны.
     Захапляльныя гісторыі чакаюць чытачоў і пры знаёмстве з іншымі святымі крыніцамі Міншчыны: Ракаўскай у тым жа, Валожынскім, Вітоўскай у Дзяржынскім раёнах, а таксама з крыніцай у гонар прэпадобнага Марціна Тураўскага ў Копылі і Бобр у Крупскім раёне. Але хіба можна вось так пералічальна прыгадваць, напрыклад, крыніцу Лагойскую Свяціцеля Мікалая?! І сам гэты горад, і яна – увасабленне гістарычных рэалій Беларусі. Ужо ў другой палове 18 стагоддзя, акрамя манастырскага Богаяўленага храма, у Лагойску дзейнічалі яшчэ чатыры царквы: Прачысценская, Свята-Юр’еўская, Спаса-Прэабражэнская і Свята-Мікалаеўская. Апошняя захавалася і да нашага часу. Знаходзіцца яна на гары, з-пад якой магутнай плынню выбіваецца крыніца чысцейшай вады з лекавымі якасцямі. Цяпер тут гідралагічны помнік прыроды. Астатняе знаёмства з гэтымі ўнікальнымі гістарычнымі мясцінамі пакінем чытачам кнігі.
     І наогул, святыя крыніцы Белай Русі сталі, як можна ўжо заўважыць, толькі падставай для Анатоля Шаркова і Алены Харашэвіч, каб расказаць пра духоўную сутнасць нашай краіны, якая захоўвалася і захоўваецца на працягу яе існавання. І зрабілі яны гэта самой канкрэтыкай жыццёвых рэалій. Вось чаму ў кнізе мінулае робіцца сучасным, а сучаснае – неад’емным ад мінулага. Жанр не толькі гістарычна-пазнавальны. Ён увабраў шмат легенд і паданняў, якія чытаюцца на ўзроўні мастацкіх твораў з усёй іх моўнай і сюжэтнай захапляльнасцю. Каб перакацца ў гэтым, прачытайце хаця б паданне пра крыніцу “Ля святой сасны”, што ў вёсцы Ніўкі Лагойскага раёна. А дакладней, пра казачна-рэальную жар-птушку. Не менш цікава чытаецца народны аповед аб часе, калі і “камяні былі мяккімі”, у легендзе пра паходжанне крыніцы Свята-Міхайлаўскай у Камянецкім раёне. “У далёкія часы аднаму набожнаму чалавеку пабачылася нешта зусім незвычайнае: з зямлі ўзняўся слуп вады ў выглядзе крыжа і ён пачуў Голас: “Каму патрэбна вылячэнне, той можа прыходзіць сюды і рабіць амавенне, а таксама піць ваду…” І ў гэтым месцы запульсавалі чатыры струмені ў выглядзе крыжа,-- чытаем. – Чалавек спалохаўся і пабег у вёску. Сабраў вяскоўцаў і расказаў ім пачутае. Хтосьці паверыў, хтосьці – не. Але з таго часу людзі пачалі хадзіць да гэтых крыніц і пазбаўляцца ад хвароб”. Ходзяць і цяпер,-- можам дадаць мы, чытаючы радкі, прысвечаныя крыніцы, якая так і называецца: “На крыжах”. Знаходзіцца яна ў вёсцы Заслонава Лепельскага раёна. А шэфства над ёй трымае Гомельскі Свята-Ціхвінскі жаночы манастыр. Дарэчы, на Гомельшчыне прывабнымі застаюцца здаўна таксама крыніцы Макавеяў у Буда-Кашалёўскім, Пеніцкая – у Калінкавіцкім, Пакроўская – у Рэчыцкім, Свята-Троіцкая – у Рагачоўскім і Палесская – у Чачэрскім раёнах. А ў самім Гомелі славіцца святая крыніца Самаранкі, ля Свята-Петрапаўлаўскага сабора ў Палацава-паркавым ансамблі Румянцавых-Паскевічаў.
      Чытаючы гэтую надзвычай інфармацыйна багатую кнігу, амаль у кожным аповедзе чакаеш казачнай нечаканасці. І аўтары не расчароўваюць. Ёсць, аказваецца, нават крыніца з “жывой” і “мёртвай” вадой. Вось узяў па звычцы гэтыя словы ў двукоссе. А ў кнізе абышліся без іх. Відаць, і на самой справе так. Тым больш, што крыніца ў вёсцы Касічы Навагрудскага раёна носіць адпаведную назву. Тут  і зараз можна пачуць, што вадзічка яе сочыцца яшчэ з ледніковага перыяду. І сапраўды кожны можа пераканацца, што жывая вада журчыць, спявае, а мёртвая – цячэ ціха, затоена. Толькі ў адрозненне ад казачнай, якая схіляла да глыбокага сну, косіцкая вада, нават мёртвая, – добрая, лекавая. Называецца яна акцівіраванай. Аказвае магутнае дэзінфіцыруючае ўздзеянне. Ачышчае арганізм, знішчае бактэрыі, мікробы. А жывая вада, як зазначылі медыкі, рэгенерыруе арганізм. Вось і трэба, сцвярджае погалас, нанач піць мёртвую, а раніцай – жывую ваду.
     Аб крыніцах Жыровіцкага манастыра трэба і чытаць, і пісаць асобна. Захапляльная гісторыя, захапляльная рэчаіснасць. Скажу толькі, што святыя крыніцы знаходзяцца пад апекай Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, які заснаваны ў 15 стагоддзі і з таго часу па сённяшні дзень з’яўляецца духоўным цэнтрам беларускага праваслаўя. А яшчэ ён славіцца тым, што менавіта ў ім захоўваецца найвялікшая святыня – Жыровіцкая ікона Божай Маці, якая цудоўным чынам з’явілася тут паводле падання яшчэ ў 1470 годзе.
     Для таго, каб чытачы маглі зразумець, якую творчую, або дакладней, духатворчую працу ажыццявілі аўтары кнігі, назаву толькі лічбы. Анатоль Шаркоў і Алена Харашэвіч здолелі далучыць нас да нечага большага, чым знаёмства з 19-цю крыніцамі Мінскай, 10-цю Брэсцкай, 13-цю Віцебскай, 6-цю Гомельскай, 11-цю Гродзенскай і 16-цю Магілёўскай абласцей. Яны ўзнавілі ў нашай свядомасці духоўную сутнасць Беларусі і неяк вельмі  нязмушана далучаюць да жыцця крынічнай чысціні.

                                           Ізяслаў Катляроў

штотыднёвік “Літаратура і мастацтва”

26 студзеня 2018 года 

Новости

Мероприятия

10 Дек 2024

10 декабря 2024 года директор Государственного учреждения «Белорусский культурный центр духовного Возрождения» Гостев А.В.

14 Дек 2024

14 декабря 2024 года в рамках проекта Издательского дома «Педагогическая пресса» «Духовность и патриотизм: диалоги с «Настаўніцкай» делегация руководителей-директоров Лидского района Гродненской области посетила Национальный мемориальный комплекс «Храм-памятник в честь Всех Свя

13 Дек 2024

13 декабря 2024 года в рамках  7-го совместного заседания коллегии Следственного комитета Республики Беларусь и Следственного комитета Российской Федерации состоялось мероприятие на территории Мемориального кладбища «Благовщина», в котором приняли участие Генеральный Прокурор Р

13 Дек 2024

 13 декабря 2024 года в Национальном мемориальном комплексе «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, спасению Отечества нашего послуживших», прошла торжественная церемония награждения финалистов XI Международного конкурса педагогического мастерства «Хрустальная

06 Дек 2024

6 декабря 2024 года в Белом зале Национального мемориального комплекса «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, спасению Отечеств нашего послуживших» состоялось торжественное мероприятие поздравления сотрудников Департамента охраны Министерства внутренних дел по

04 Дек 2024

4 декабря 2024 года, в Национальном мемориальном комплексе «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, спасению Отечества нашего послуживших» прошла праздничная встреча, посвященная Международному дню инвалидов и Введению во храм Пресвятой Богородицы.

29 Ноя 2024

29 ноября 2024 года в ГУО «Средняя школа №137 г.Минска им.

28 Ноя 2024

28 ноября 2024 года в Минске торжественно открылись X Белорусские Рождественские чтения «80-летие Великой Победы: память и духовный опыт поколений.

16 Ноя 2024

16 ноября 2024 года в Национальном мемориальном комплексе «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, спасению Отечества нашего послуживших» состоялось мероприятие «Патриотизм и Духовность: Наследие Победы».

21 Ноя 2024

21 ноября 2024 года в рамках взаимодействия Белорусского государственного университета и Белорусской Православной Церкви по духовному и патриотическому воспитанию студенческой молодежи Национальный мемориальный комплекс «Храм-памятник в честь Всех Святых и в память о жертвах, с

Государственные сайты

Контактная информация

Адрес:
220086, г.Минск, ул. Всехсвятская, д.2
Телефон/факс:
+375 17 389-35-15
Экскурсии:
+375 17 389-35-05
+375 25 502-59-90
Viber WhatsApp Telegram
E-mail:
hp.direction@gmail.com
hp.direction@yandex.ru