
21 сакавіка 2025 года споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння першага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, Героя Беларусі мітрапаліта Філарэта. У гэты дзень прайшло шмат мерапрыемстваў памяці незабыўнага Высокапраасвяшчэннейшага Уладыкі. У Белай зале Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу "Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія паслужылі ў выратаванні Айчыны нашай" адбыўся канцэрт, прысвечаны гэтай знакавой падзеі. У гэты дзень на канцэрце прысутнічалі тыя, з кім Уладыка вельмі часта супрацоўнічаў у дні свайго служэння на тэрыторыі нашай краіны. Да прысутных перад пачаткам мерапрыемства звярнуўся кіраўнік Нацыянальнага мемарыяльнага комплексу протаіерэй Фёдар Поўны, які адзначыў: "…сакрэт народнай любові да Уладыкі Філарэта ў тым, што ён служыў Богу і беларускай зямлі." Сваімі ўспамінамі пра Уладыку Філарэта з прысутнымі падзяліўся Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Уладыка Веніямін, С.С.Лінг, былы прэм'ер-міністр Рэспублікі Беларусь, Л.У. Глебава. У канцэртнай праграме прынялі ўдзел вядучыя салісты і артысты Вялікага тэатра Беларусі, студэнцкі хор Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, Мітрапалічы хор Свята-Духава кафедральнага сабора, Лідзія Яфімавіч, лаўрэат міжнародных конкурсаў, двойчы стыпендыят Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы талентаў Розуму ў СНД і ЕС, стыпендыят міжрэгіянальнага дабрачыннага грамадскага фонду "Новыя імёны" імя І.М. Воранавай (Расія).
Даведачна:
Сваё служэнне на Беларускай зямлі першы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт (Вахрамееў) нёс на працягу 35 гадоў.
Гады яго архіпастырскіх прац у межах Белай Русі адзначаны ўсебаковым адраджэннем царкоўнага жыцця, аднаўленнем і будаўніцтвам новых храмаў і манастыроў, развіццём духоўнай адукацыі і асветніцкай дзейнасці. Стараннямі і працамі ўладыкі ў Беларусі з'явілася 10 епархій, былі адкрыты 24 жаночыя і 10 мужчынскіх манастыроў, у некалькі разоў павялічылася колькасць праваслаўных прыходаў, пабудаваны сотні новых і адноўлены многія разбураныя храмы і царкоўныя будынкі. Заключанае ў 2003 годзе Пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой заклала аснову царкоўна-дзяржаўных адносін у Беларусі.
За выключны асабісты ўклад у духоўнае адраджэнне беларускага народа мітрапаліту Філарэту было прысвоена званне Героя Беларусі.